Пляцоўка для прафесійнага росту медыясупольнасці
Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
Пляцоўка для прафесійнага росту медыясупольнасці
Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
Стаць сябрам Меню Зарэзерваваць зал

Уражанні ад стажа на «Громадське радіо»: нават чыноўнкі, ваенныя і паліцэйскія лёгка ідуць на размову з журналістам

За падзеямі на кіеўскім Майдане мы, беларусы, найперш сачылі па сюжэтах і онлайн трансляцыях на «Громадське» ды «Эспрессо ТБ». Потым у мой спіс рэсурсаў, з якіх можна даведвацца аператыўную і цікавую інфармацыю, дадалося «Громадське радіо». І ад самага пачатку было цікава: як у людзей, што за гэтымі праектамі стаялі, атрымалася арганізаваць працу, стварыць гэтыя СМІ фактычна з нуля? А крыху пазней: як у гэтых СМІ, што, фактычна, “раскруціліся” на хвалі падзей Рэвалюцыі Годнасці, атрымліваецца выжываць па заканчэнні рэвалюцыі? Як яны будуюць сваю працу? На чым трымаюцца, карацей кажучы?

І таму, калі з’явілася прапанова ад Прэс-клуба, дапамагчы з арганізацый стажыроўкі ў любым замежным СМІ, я без ваганняў выбраў Украіну і, будучы радыйшчыкам, абраў «Громадське радіо».

“Не пытанне – прыязжай у любы зручны для цябе час!” – без ваганняў адказвае на маё пытанне пра стажыроўку ў іх рэдакцыі галоўны рэдактар “Громадське радіо” Кірыл Лукеранка.

Абмеркаваўшы са сваім рэдактарам тэмы, якія было б цікава, скарыстаўшыся магчымасцю, зрабіць для Еўрарадыё, сабраўшы стандартны камандзіровачны набор – дыктафон, фотаапарат, ноўтбук, выпраўляюся на першую ў сваім жыцці стажыроўку.

Праўда, і сёння я не магу сказаць адназначна: ці атрымалася ў мяне пастажыравацца ў класічным разуменні гэтага працэсу?.. Чаму? Ну, магчыма таму, што, як высветлілася, у маім выпадку гэта не была паездка невядомага нікому журналіста ў цалкам невядомы калектыў. Але пра ўсё па чарзе.

 

Здабытак першы: агульных планёрак няма – кожны вядоўца сам сабе плануе!

Прыехаўшы ў Кіеў адмыслова ў нядзелю ранкам (каб паспець засяліцца і сустрэцца з кіеўскімі сябрамі за кубкам вечаровай кавы – не вядома ж, наколькі загружаныя будуць дні ў мяне, маладога стажора!), я тэлефаную Кірылу Лукеранку з пытаннем: а якой гадзіне мне лепш прыходзіць у рэдакцыю – каб трапіць на планёрку? І – першае здзўленне:

«Няма ў нас раніцай ніякай планёркі – прыходзь як табе зручней. А лепш пасля гадзін 11 – мяне раней у рэдакцыі не будзе»…

«А калі ў вас планёркі штодзённыя праходзяць – па вечарах, на наступны дзень плануецеся?» – цікаўлюся.

«Ды няма ў нас і вечарамі ніякіх планёрак. У нас іх увогуле практычна няма. Ну, можам у канцы тыдні сабрацца – нешта на наступны тыдзень папланаваць. А можам і не збірацца – гэта як у калектыва патрэба будзе», – і, нібы адчушы маё здзіўленне тлумачыць: «У нас кожны вядучы эфіра сам сабе план складае, сам за яго выкананнем сочыць і сам яго выконвае – навошта яшчэ час на нейкія планёркі губляць?»

Як пазней высвятлілася, гэта і сапраўды так. Вядучыя прамога эфіру самі выбіраюць, сыходзячы з надзённасці і актуальнасці тэмы, сабе гасцей для эфіру, самі іх запрашаюць, самі з імі працуюць у студыі. І, такім чынам, яны, складаючы планы сваіх эфіраў на некалькі дзён наперад, самі з сабой ці сумесна са сваім калегам-партнёрам па эфіры, ладзяць сабе такія нібыта «планёркі». Адзінае – выпускаючы (ці праграмны) рэдактар сочыць, каб тэмы і госці ў вядучых не супадалі.

І гэта становіцца маім першым здабыткам чужога вопыту працы. Што праўда, прымяніць яго ў сваёй рэдакцыі ў мяне не атрымаецца – у нас розныя падыходы да напаўнення эфіру. 

Здабытак другі: эфір насычаны гасцямі.

У чым галоўнае адрозненне? Усё ж «Громадське радіо» – так званае «размоўнае радыё». Увесь яго эфірны час запоўнены музыкай, выпускамі навін і – самы галоўны складнік – інтэрв’ю ў прамым эфіры. Эфірная гадзіна «Громадське радіо» найчасцей складаецца з двух-трох пяціхвілінных выпускаў навінаў, некалькіх песняў, а ўвесь астатні час – размовы ў эфіры. Такога жанру, як рэпартаж, там практычна не практыкуецца. Не, яны ёсць, але іх вельмі нязначны, амаль незаўважны адсотак. На «Еўрарадыё» ўсё наадварот: шмат музыкі, шмат навін, рэпартажы (палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя, расследаванні, культурныя) і – і тое апошнім часам – некалькі гасцей у эфіры цягам усяго дня. І гэта насычаны гасцямі эфір становіцца маім другім здабыткам чужога вопыту.

А 10-й гадзіне раніцы панядзелка я адчыняю дзверы рэдакцыі «Громадське радіо». Уздоўж сцен, шчыльна адзін да другога, стаяць сталы, за сталамі сядзяць і нешта засяроджана друкуюць альбо праглядаюць на ноўтах дзяўчаты і хлопцы. 

«Прывітанне, – кажу, – гэта я і ёсць – той журналіст з Беларусі, што прыехаў перашкаджаць вам працаваць сваёй стажыроўкай».

Прысутныя ўзнімаюць вочы ад кампоў. Нехта ўсміхаецца і вітаецца, нехта, проста махае прывітальна рукой і раптам:

– Зміцер! Вітаю! Ты да нас якім чынам – у госці? – з-за аднаго з ноўтаў узнімаецца даўняя мая знаёмая Наталля Сакаленка.

– Я да вас на стажыроўку да канца тыдня…

– Стажыроўку? Якую стажыроўку?.. На пяць дзён да нас? Выдатна! Сядай – зараз мы з табой расплануем эфір, што правядзем разам, і падумаем, якіх гасцей-беларусаў ты нам у эфір выцягнеш. Каб ахапіць і палітычную, і эканамічную, і культурную тэмы!

– А што шэф ваш на гэта скажа? – пытаюся на ўсялякі выпадак, хаваючы задавальненне ад прапановы Наталлі.

– Шэф скажа, каб ты слухаў, што табе Наталка прапаноўвае, – адказвае за маю кіеўскую сяброўку Кірыл Лукеранка, уваходзячы ў рэдакцыю.

– Мы тут зараз з табой наплануем, а калі выпускаючы рэдактар зарубіць? – цікаўлюся ў Сакаленкі.

– А выпускаючы рэдактар проста запіша прыдуманае вамі ў план, – адказвае мужчына з-за іншага кампа і працягвае руку для знаёмства.

Мы селі і даволі хутка распланавалі: якую тэму, цікавую щкраінскім слухачам «Громадське радіо», мы будзем уздымаць у які дзень, каго з беларускіх экспертаў я магу арганізаваць выйсці праз скайп у наш сумесны з Наталляй эфір а 7-й раніцы, пра што канкрэтна кожнага з іх будзем распытваць. 

– Ну, вось і план тваёй стажыроўкі гатовы.

 

Здабытак трэці: журналісты не рыхтуюць тэкстаў для сайта, тэксты здымаюць з эфіру іншыя рэдактары.

Потым сітуацыя паўтарылася, калі са студыі выйшла яшчэ адна мая даўняя знаёмая – Вольга Веснянка. Праўда, яе амбітныя планы на мяне давялося абмяжоўваць тлумачэннем, што я ўжо ангажаваны яе калегай Наталляй Сакаленкай.

– Адно ўдакладненне: а тэксты размоў у эфіры для сайта хто здымае? – цікаўлюся.

– А вось гэтыя дзве дзяўчыны займаюцца зняццём тэкстаў, гэта іх праца, – паказваюць мне.

І гэта стала маім трэцім здабыткам чужога вопыту працы: нам пасля інтэрв’ю ў эфіры тэкст для сайта даводзіцца рабіць самім. Прычым, такім чынам, каб гэта на падрыхтоўку рэпартажу адмоўна не ўплывала. 

Потым дні былі падобныя адзін да аднаго – вельмі напружаныя ў працы. А 6.30 я ўжо быў у рэдакцыі, а 7-й мы выходзілі ў эфір. Аналізавалі зробленае, удакладнялі планы на заўтрашні эфір, вялі перамовы з экспертамі… 

Так «у мяне» ў эфіры «Громадське радіо» пабывалі і Аляксандр Фядута, і Сяргей Чалы, і Лявон Вольскі, і Андрэй Стрыжак. А яшчэ я паспяваў «для сябе» сустракацца з мясцовымі палітолагамі ды палітыкамі, валанцёрамі ды грамадскімі актывістамі, беларусамі, што жывуць ва Украіне, нават рэпетыцыю «Братоў Гадзюкіных» перад іх паездкай на фестываль «Бандэрштад» умудрыўся наведаць. Пабываў у рэдакцыях «Украінскай праўды», «Громадське ТБ» і радыё «Вести».

 

Здабытак чацверты: журналісты вымушаныя працаваць на некалькі медыя

У адзін з дзён нечкана даведваюся, што практычна ўсе вядучыя эфіру, што працуюць на «Громадське радіо», адначасова вядуць эфір яшчэ на адным, а то і на двух іншых радыёстанцыях. У Беларусі гэта, мякка кажучы, не вітаецца…

– У нас раней таксама не віталася, – тлумачаць мне мае ўкраінскія калегі-радыйшчыкі. – Але апошнім часам заробкі ва ўсіх даволі адчувальна скараціліся, рэдактары гэта ведаюць, і таму кіраўніцтва практычна ўсіх радыёстанцый дазволіла сваім супрацоўнікам такім чынам падпрацоўваць на “чужых” эфірах.

Гэта мне быў яшчэ адзін здабытак чужога вопыту працы. Вось толькі, разумею адразу, у нас такое не пройдзе хаця б таму, што нашае радыё – не «размоўнае», а мы не проста вядучыя эфіру – у нас загружаны працай цэлы дзень, а не толькі дзве ці чатыры гадзіны ў дзень прамым эфірам…

Што праўда, і я даў невялікі ўрок калегам. Як высветлілася, яны практычна не «прасоўваюць» сябе і свой рэсурс праз сацсеткі – тэксты сваіх эфіраў, сэлфі з гасцямі і г.д. І калі рэдактар «Громадське радіо» заўважыў, што я гэта раблю пастаянна, звярнуў на гэта ўвагу і сваіх падначаленых.

Толькі ў пятніцу, у апошні дзень маёй стажыроўкі, у мяне атрымалася папрацаваць над тэмай для «Еўрарадыё»: пахадзіць па Кіеве з дыктафонам, пагаварыць з людзьмі на розныя тэмы. Калі коратка – папрацаваў удала, рэпартаж потым быў не толькі ў эфіры і на сайце «Еўрарадыё», але і сайце «Громадське радіо». 

Уразіўся тым, як лёгка на кантакт з замежным журналістам ідуць людзі, нават чыноўнкі, ваенныя і паліцэйскія. 

Такая вось атрымалася стажыроўка. Як па мне, то вельмі плённая і карысная. Спадзяюся працягнуць супрацу. Бо, здаецца, і мной на «Громадське радіо» засталіся задаволеныя, а я – імі.

Фота: Андрэй Стрыжак і Яўгенія Стрыжак, актывісты «Гуманітарнага маршрута» Беларусь-АТО» ў студыі «Громадьске радіо»

У стажыроўцы ўдзельнічаў Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

 

 

Партнёры прэс-клуба