Што мы чакаем ад вас у працэсе навучання ў Школе?
- раз на месяц пад кіраўніцтвам замацаванага за вамі ментара рыхтаваць мінімум 1 аналітычны матэрыл;
- раз на месяц удзельнічаць у вочнай аднадзённай сесіі ў Мінску;
- быць на сувязі са сваім ментарам.
Што мы можам прапанаваць?
- сістэмную тэарэтычную і практычную “пракачку” вашых уменняў і навыкаў напісання аналітычных матэрыялаў пад кіраўніцтвам вопытных ментараў, то бок – развіццё вашых кампетэнцый, прафесійнага майстэрства, што не павінна застацца незаўважаным на медыярынку (нават нашым :))
- празрыстую сістэму ацэнкі вашай працы ў школе (ацэньваецца якасць падрыхтаваных матэрыялаў, праца з ментарам, удзел у сустрэчах Школы);
- для лепшых удзельнікаў – групавыя і індывідуальныя замежныя паездкі для вывучэння досведу трансфармацыі выбраных краінаў і падрыхтоўкі аналітычных матэрыялаў па выніках паездкі;
- магчымасць трапляць на адкрытыя і закрытыя сустрэчы з экспертамі, а значыць падчас асабістых кантактаў напрацоўваць сваю ўласную экспертную базу, усталёўваць прафесійныя сувязі, знаёміцца з беларускай экспертнай супольнасцю.
Чаму мы робім дабор?
Рэалізуючы Школу мы арыентуемся ў першую чаргу на тых удзельніках, якія выконваюць працоўны рытм (перадусім гэта падрыхтоўка аднаго артыкула на месяц і ўдзел у вочных сесіях раз на месяц). Мы ставім перад сабой і ўдзельнікамі амбітныя задачы і хочам, каб як мага больш тых, каму сапраўды трэба развіць свае кампетэнцыі ўчапіліся за рэдкую магчымасць не аднаразовага семінара, а сістэмнай працы над сваімі прафесійнымі кампетэнцыямі. Шкада, калі падставовыя і бонусныя магчымасці, якія прапануе Школа, застануцца нявыкарыстанымі або выкарыстанымі неэфектыўна.
Ментары і лектары – хто яны?
Ментары:
Аляскандр Люшкевіч – супрацоўнічаў (у тым ліку як і галоўны рэдактар) з такімі выданнямі, як “Белоруская деловая газета” (БДГ), “Мастерская”, выдавецтвам “Партизан” (Масква), Business Exsellence, www.be-mag.ru (Москва), з сайтам выдання “Народная воля” і інш. Мае таксама вялікі досвед у pr. Сёння працуе як pr/медыяспецыяліст Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS), http://belinstitute.eu/ru.
Марына Загорская – супрацоўнічала як рэдактар з такімі выданнямі як «Имя», “Белоруская деловая газета” (БДГ), газетай “Салідарнасць” і інш. Як фрылансер – з Deutsche Welle і Institute for War and Peace Reporting. Мае вялізны досвед правядзення і арганізацыі трэнінгаў для беларускіх журналістаў (трэнерскі стаж – 16 год), суаўтар шмат якіх навучальных дапаможнікаў па журналістыцы. Сёння – галоўная рэдактарка аналітычнага сайта “Заўтра тваёй краіны”(zautra.by).
Аляксандр Уліцёнак – заснавальнік і працяглы час галоўны рэдактар газеты “Свободные новости», з 2002 г. – яе шэф-рэдактар. У 1986 – 1992 гг. быў уласным карэспандэнтам газеты “Праўда” па Беларусі. Працаваў рэдактарам ранішніх праграм на “Радыё Свабода”. Аўтар 5 кніг, у тым ліку кнігі “Іншадумцы”.
Курс лекцый чытае журналіст, палітычны аналітык, медыяэксперт і медыятрэнер, кіраўнік аналітычных праектаў недзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.
Ці ёсць тэматычныя абмежаванні па падрыхтоўцы матэрыялаў?
Матэрыял мусіць быць 1) аналітычным, 2) тычыцца рэформаў у шырокім сэнсе (гэта азначае, што вы можаце ўзяць тэматычна блізкую вам сферу і пра яе напісаць аналітычны матэрыял). Чаму рэформаў? Адна з задачаў Школы – утрыманне на парадку дня і ў фокусе грамадскай увагі неабходнасці трансфармацый у Беларусі. Інвестыцыі, турызм, культура, прыватызацыя, экалогія, пенсійная сістэма, медыцына – спіс сфер можа быць бясконцым, тэма можа быць “вашай”, але матэрыял мусіць быць аналітычным і тычыцца рэформаў :)
Ці трэба публікаваць падрыхтаваныя матэрыял?
Трэба. Але калі ў вас няма пляцоўкі, на якой вы маглі б апублікаваць свой матэрыял, а ён якасны, гэтае пытанне лёгка вырашаецца ў працоўным парадку :) Складаней апублікаваць непадрыхтаваны або кепска зроблены тэкст.
Калі ў вас яшчэ засталіся нявысветленыя пытанні, калі ласка, задавайце іх на адрас tn@press-club.by з пазнакай “ШАЖ” у тэме мэйла.
І толькі цяпер (калі вы ведаеце пра ўвесь цяжар сваіх абавязкаў і ўяўляеце перспектыву лёгкасці прафесійнага майстэрства): што трэба зрабіць, каб патрапіць у спіс прэтэндэнтаў? Запоўніць заяўку да 2 кастрычніка.
Да 6 кастрычніка ўключна мы раскажам пра вынікі, а адабраных удзельнікаў запросім на сустрэчу Школы, якая адбудзецца 14 кастрычніка ў Прэс-клубе.
Школа аналітычнай журналістыкі працуе з чэрвеня 2016 па красавік 2017. Магчымасць удзелу адкрытая з кастрычніка. У лістападзе для лепшых студэнтаў Школы будзе арганізаваная паездка ў Грузію, дзе, як мяркуецца, удзельнікі па выніках вывучэння грузінскага досведу трансфармацый падрыхтуюць аналітычныя матэрыялы.