Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
+375 33 361 57 48
Стаць сябрам Меню Зарэзерваваць зал

Адкрытая лятучка з праграмай "Людскія справы" (Белсат)

30 лістапада 2017 года у Прэс-клубе адбылася адкрытая лятучка з праграмай Людскія справы (тэлеканал "Белсат"), з камандай праекту, і з яе аўтарам і вядоўцам Алесем Залеўскім.

Алесь і каманда праекту (Ірына Чарняўка, прадзюсарка праекту; Воля Давыдава, рэдактарка i рэжысерка; Ганна Бадзяка, аўтарка рэпартажаў) распавялi пра галоўнае правіла працы са складанымі героямі, падзяліліся сакрэтамі камунікацыі з дзяржаўнымі ўстановамі і нават выклікалі спрэчкі ў аўдыторыі.

Прапануем пачытаць канспект і паглядзець поўную відэаверсію сустрэчы.

 

Кожны трэці беларус глядзіць "Белсат"

Алесь Залеўскі: Спачатку «Людскія справы» выходзілі два разы на месяц, мы рабілі іх фактычна ўдвох: аўтар і прадзюсарка. Я сам рабіў рэпартаж, пасля сам сядзеў у студыі. А пасля нам далі больш рэсурса, сказалі што маладцы, рабіце праграму кожны тыдзень. І ў мяне з’явілася рэдакцыя.

***

Некалькі гадоў таму ў Беларусі было не вельмі добра з тэлерэпартажам. Трэба было шукаць чалавека, які гатовы вучыцца. Так да нас прыйшла Ганна Бадзяка. Да кожнай сустрэчы я рыхтаваўся, як да лекцыі. Мы абмяркоўвалі, праглядалі відэа.

Я нават напісаў такі міні-мануал, што такое рэпартаж, што такое «Людскія справы», якія ёсць школы рэпартажа і г.д. Заўсёды шукаем аўтараў, якія гатовы вучыцца, цярпець, а пасля атрымліваць незвычайны досвед. Таму пішыце нам!

***

Усе важныя дыскусіі ў нас у Беларусі адбываюцца ў «Фэйсбуку». Але карыстальнікі «ФБ» - гэта нейкі мега-мінімальны працэнт ад насельніцтва Менску. І гэтыя людзі далёка не заўсёды маюць уплыў на нешта. А для нас важна, каб гісторыя абляцела рэгіёны. І асноўны таргет «Белсата» - гэта людзі з рэгіёнаў. 

***

Па апошніх падліках 66 працэнтаў аўдыторыі глядзіць «Белсат» праз кампутар. 

***

У Беларусі мы пазбаўленыя магчымасці праводзіць тэлеметрыю і падлічваць рэйтынгі, як на традыцыйным тэлебачанні. Але мы праводзім сацыялагічныя даследванні аўдыторыі. Апошняе рабілі на пачатку лета. З яго вынікае, што траціна насельніцтва краіны глядзіць «Белсат».  

 

Героя трэба "падмануць"

Адзін здымачны дзень каштуе больш за 1000 долараў. Вялікія грошы, міма папасць не можаш.  Таму этап планірвання ў тэлевізійнай прафесіі вельмі важны. Напрыклад, калі мы рыхтавалі праграму пра аборты, зладзілі 10 планёрак. Амаль усе нашыя планёркі мы запісваем. Гэта таксама прадукт. 

***

Адзін рэпартаж - гэта 1-1,5 здымачных дні. То бок мы за адзін дзень павінны ўлезці чалавеку ў душу, як хірург. А потым максімальна безбалюча вылезці адтуль.

***

Фактычна героя трэба падмануць. Быць не да канца шчырым. Што гэта значыць? Герой вельмі часта не ўсведамляе, што за гэты адзін здымачны дзень, мы будзем кідаць яго ў розныя эмацыйныя станы. Ён будзе плакаць і смяяцца, бо гэта тэлебачанне.

Часта чалавек выгаварыцца журналістам, і яму становіцца лягчэй. 

***

Гэта файная прафесія, бо ты працуеш з такой вялікай колькасцю людзей, гісторый. Ты пра ўсё ведаеш. Але ты становішся апошнім цынікам. Дарэчы, у дыскусіях гэта дапамагае. 

***

Чым больш праграм, тым больш я баюсь, што стаў проста чыноўнікам, да каторага ўсе прыходзяць і скардзяцца. 

***

У нас не інфармацыйная, а публіцыстычна-аўтарская праграма. І аўтар павінен мець сваё меркаванне. 

***

Любая пазіцыя вядоўцы правакуе людзей. Калі я буду у студыі проста задаваць экспертам пытанні, яны будуць проста адказваць. А мне трэба, каб за тыя 10 хвілін глядач атрымаў максімальную палітру эмоцый, цэлую гісторыю. Таму я кідаю нейкія меркаванні, часам стэрэатыпныя, каб разагрэць дыскусію. Гэта не інтэрвью. Ты маніпуліруеш, кіруеш. Гэта тэлебачанне. 

 

Як залікоўка на студэнта

Аборт - адна з тых тэмаў, якія надзвычай складана рэалізаваць на тэлебачанні. Мы больш за год шукалі гераіню. Падобныя тэму - педафілія, суіцыды, сэксуальны гвалт. Мы іх дагэтуль не распрацавалі.

***

Калі чалавек гатовы выйсці на экран, ён мусіць паказаць твар. Але бываюць сітуацыі, калі апраўдана твар схаваць, каб не пашкодзіць. Так было ў сюжэце пра аборты. Гераіня працуе з дзецьмі, і яе маглі звольніць. Яе гісторыя і эмоцыі былі важней за рэальнасць твару.

***

Мы прыдумалі спецыяльную рубрыку «Фарсаж», у якой паказваем, якіх герояў шукаем, як выходзім на тэмы, каб гледачы адгукаліся. Гэта спосаб шукаць.

***

Аднойчы мы са знаёмым ехалі з рэчкі і падабралі на трасе хлопца. Класіка жанру: сірата, не далі кватэру, толькі пабілі. Знялі яго на мабілу і паказалі ў рубрыцы «Фарсаж». А потым яшчэ сюжэт пра яго прыехалі здымаць. Сталі адгукацца людзі. Так з мабілы мы мелі дзве праграмы, прысвечаныя сіротам і іх адаптацыі і некалькі герояў. 

***

Дапамагаюць героі, якім мы раней дапамаглі. Пішуць, тэлефануюць - просяць дапамагчы і суседу. Гэта па прынцыпу залікоўкі студэнта. Ты працуеш на яе, а потом яна працуе на цябе.

 

Як знайсці падыход да героя

Першае правіла працы з цяжкімі героямі і гісторыямі - гэта пратэкцыя героя. Ты прыязджаеш да чалавека на адзін дзень. У Навалукомскі раён ці Дрыбінскі. Табе трэба за 5 секунд яму спадабацца, за наступныя 10 увайсці ў давер, каб праз 3 хвіліны вам сядзець піць чай і проста размаўляць. Натуральна ты мусіш усім сваім відам даць зразумець, што ніколі і нічога кепскага не станецца ад кантакту з табой. Калі не можаш дапамагчы, а толькі пашкодзіць, то лепш не ўлазіць у гэта.

***

Часам людзі адмаўляюцца здымацца. Трэба чалавека зматываваць. Нам дапамагае наш слоган «Няма чужых праблем». Мы вырашаем праблемы. Вельмі добра уздзейнічае фраза: «Такім чынам мы дапаможам іншым людзям». Ведаеце, пры ўсім цынізме ў нашым грамадстве - гэта працуе.

***

Каб знайсці падыход да героя, я шукаю кропкі судакранання. Часта гэта падобныя факты з біяграфіі. Дзялюся інфармацыяй пра сябе, не баюсь быць шчырым:

- А вы адкуль? Я бачыў у вас сцяжок з Мастоў вісіць. У мяне ж род з Мастоўскага раёна. З якой вы вёскі?

Хоць вы зараз будзеце гаварыць пра тое, што ў гераіні сына збілі да смерці. Але спачатку размова аб тым, як у гэты час файна на Нёмане ў Мастах. 

Калі няма такіх геаграфічных супольных пунктаў, паказваю, што я ў тэме, што ў праблеме разбіраюся:

- Што вы, тыцкаліся туды? А старшыня райвыканкама сказаў то-та і то-та?

 

Як размаўляць з чыноўнікамі

Чаму нам часта ўдаецца ў рэпартажах атрымліваць пазіцыю людзей, якія займаюць пасады ў дзяржаўных установах? Бо ў нас ёсць аргументы і мы можам прадставіць факты. Часам прыходзіцца ісці на маніпуляцыі, улоўкі. Кшталту патэлефанаваць і прыгразіць. Бо гэтыя людзі работаюць у сістэме, якая менавіта так і работае. Не пытаешся: «Як вы можаце пракаментаваць тое, што людзі лічаць, што вы ў іх скралі па сродкам рамонта ўсе пластыкавыя вокны?». А кажаш:

- Вы прыкрываеце дырэктара ПМК?

- Нет, я не прикрываю! - і чыноўнік уцягваецца і пачынае размаўляць.

Рэдка адмаўляюцца гаварыць ці выклікаюць міліцыю. Дарэчы, да прыезду міліцыі ты яшчэ маеш час. 

Але заўсёды працуе, калі ты бярэш з сабой языка - мясцовага жыхара. І з мясцовым жыхаром, які твая падтрымка, ты можаш усё. 

 

Асноўныя моманты сустрэчы:

2:43 - Прадстаўленне каманды.
6:57 - Пра планірванне, якое найважнейшае ў тэлежурналістыцы. Як выглядае планёрка «Людскіх спраў».
12:05 - Пытанне: як вы разумееце, паспяхова спрацавалі ці не? На традыцыйным тэлебачанні ёсць рэйтынгі, а ў вас?
15:53 - Спрэчнае рашэнне наконт праграмы пра аборты. Дыскусія.
34:02 - Першае правіла працы з цяжкімі героямі.
40:21 - Як працавалі "Людскія справы" напачатку, і як з'явілася школа тэлерэпарцёра.
42:34 - Можна шукаць герояў і без заклікаў у сацсетках. Як увайсці ў давер і ўгаварыць героя здымацца.
1:09:01 - Як "Людскія справы" прыводзяць на перадачу людзей з дзяржаўных устаноў? У якіх выпадках праграму праглядае юрыст?

 

Каментарыі

Партнёры прэс-клуба