Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
+375 33 361 57 48
Стаць сябрам Меню Зарэзерваваць зал

Лекцыя Аляксея Крывалапа “КУПЛЯЙЦЕ БЕЛАРУСКАЕ”, альбо ШТО РАБІЦЬ, КАЛІ ЗАЎТРА НЕ НАСТУПІЦЬ?

Дзе: 
Минск
Дата падзеі: 
11.11.2016 - 18:30

Спажывецкае грамадства пабудавана па такім прынцыпе, каб падтрымліваць у чалавеку прагу да спажывання. Мода на вопратку трымаецца не болей за сезон, нашмат часцей змяняюцца мадэлі кампутараў, тэлефонаў, паляпшаецца праграмнае забеспячэнне і г.д… Гэтая сфера функцыянуе такім чынам, каб падштурхоўваць чалавека спажываць нашмат болей, чым патрабуе яго натура і нават здаровы сэнс. Паступова ў чалавеку фармуецца лёгкае стаўленне да ўсяго – усё можна набыць, і ад усяго можна легка пазбавіцца. Мяжа паміж каштоўнасным і другасным становіцца вельмі хісткай. Акрамя таго, чалавек упадае ў самападман, думаючы, што праз такі ці іншы выбар рэчаў ён выказвае сябе, сваю індывідуальнасць, што гэта ён задае той ці іншы “дызайн” самога сябе.

Падаецца, што сённяшняя медыясфера ў Беларусі (і не толькі) існуе вельмі падобным чынам – яна насычае чалавека інфармацыяй, часцей за ўсё залішняй і не вартай. У жаданні прыцягнуць новую аўдыторыю выдумваюцца скандальныя гісторыі, статус “сенсацыйнасці”, “унікальнасці” ці “фенаменальнасці” надаецца падзеям другасным, а вартыя абмеркавання пытанні застаюцца “па-за трэндам”. Бурнае развіццё Інтэрнэту і сацсетак знішчае аўтарытэты, у пэўным сенсе прымушае СМІ функцыянаваць у прасторы “інфармацыйнага шуму” і самім станавіцца яго стваральнікамі. Пагоня за “лайкамі”, колькасцю наведвальнікаў, “каментаў” перавышае клопат пра змест, актуальнасць і вартасць публікацыі.

Калі мы паспрабуем уявіць сабе беларускую медыяпрастору праз некалькі гадоў і зразумець, што нас чакае, – ці знойдзем мы падставы для аптымізму? Што насамрэч уплывае на развіццё беларускага медыярынку? Ці магчыма існаванне СМІ, не арыентаваных на “інфармацыйнае спажыванне”?

11 лістапада 2016 г. Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь” у межах цыкла "Уяўляючы Беларусь: ідэі і вобразы для супольнай будучыні” запрашаюць на адкрытую лекцыю культуролага Аляксея Крывалапа “Купляйце беларускае”, альбо Што рабіць, калі заўтра не наступіць?”. Лекцыя будзе праходзіць у крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” (вул. Кастрычніцкая, 16), пачатак а 18.30. Уваход вольны!

Разам з лектарам мы паспрабуем прааналізаваць стан сучаснай журналістыкі, узаемаадносіны СМІ і грамадства, уплыў “інфармацыйнага спажывання” на нас і нашу ідэнтычнасць і тыя чыннікі, якія здольныя мяняць сітуацыю і канструяваць іншую будучыню медыяпрасторы.

Відэазапісы папярэдніх лекцый і анонсы наступных падзей шукайце на нашым сайце: http://fly-uni.org 
 

Партнёры прэс-клуба