Пляцоўка для прафесійнага росту медыясупольнасці
Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
Пляцоўка для прафесійнага росту медыясупольнасці
Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
Стаць сябрам Меню Зарэзерваваць зал

Рэдакцыя KYKY: Мы чакаем замову на натыўную рэкламу ад сэкс-шопа!

У baj.by атрымаўся шыкоўны рэпартаж с нашай Адкрытай лятучцы з рэдакцыяй анлайн-часопіса KYKY.org, які мы і прадстаўляем вашай увазе. Тэкст і фота: Алена Ляшкевіч.

На адкрытай лятучцы ў Прэс-клубе рэдакцыя KYKY.org не давала парадаў, проста весела і жвава распавядала пра выданне. Але, калі задацца мэтай, то можна іх досвед трансляваць у лайфхак ды выкарыстаць наўпрост па прызначэнні.

Галоўная рэдактарка KYKY.org Наста Рагатка і дырэктарка выдавецтва "Мінт Медыя" Саша Раманава ў Прэс-клубе

Канечне, паўтарыць поспех KYKY можа толькі KYKY. Але тое-сёе спрацуе і ў іншых медыях. Калі на вашым сайце дасюль няма рубрыкі пра сэкс, яе трэба завесці. Найбольш праглядаў на KYKY набірае менавіта яна. Хаця там ёсць "Грошы", "Героі", "Праекты", "Месцы", "Культ"(ура) і "Боль" (экс-"Жыццё"). Не сказаць, каб рэдакцыя задаволеная такім станам рэчаў: "Калі з пяці тэкстаў у топе толькі два пра сэкс — гэта поспех".

Добрыя і кепскія навіны ад KYKY

Неістотна, успрымаюць ваша выданне як жоўтую прэсу ці як "разумны" часопіс, па-руску вы публікуецеся ці па-беларуску… Пра поспех артыкулаў пра сэкс нядаўна казаў і рэдактар "Нашай нівы" Ягор Марціновіч. Вунь і "Плэйбой" вярнуўся да публікацый з аголенымі прыгажунямі. Таму, калі хочаце быць чытаным выданнем, без сэксу — нікуды.

Кепская навіна: толькі на якасным кантэнце самаакупляльным выданнем не стаць. Трэба грошы ад рэкламы. Добрая навіна: натыўная рэклама можа чытацца не горш і нават лепш за звычайныя артыкулы.

Калі KYKY вырашыў выходзіць на самаакупляльнасць і стаў публікаваць больш натыўнай рэкламы, то рэдакцыя баялася страціць частку чытачоў. Але трафік наадварот павялічыўся. У прынцыпе, KYKY і так ніколі не замоўчваў назву брэндаў, не пужаючыся абвінавачванняў у рэкламе, і працягвае гэта рабіць у нерэкламных матэрыялах.

"Натыўная рэклама аздараўлівае журналіста, — кажа Саша Раманава, дырэктарка выдавецтва "Мінт Медыя", што цяпер яднае KYKY і беларускі The Village. — Гэта лепш, чым выдумляць навіны з канапы, а калонкі з галавы". Жаданне максімальна наблізіць натыўную рэкламу да звычайнага рэдакцыйнага кантэнту, па словах Аляксандры Раманавай, “прымушае варушыць мазгамі”. Напрыклад, рэкламуючы прадукцыю МакДональдс, яны разам з рэдактаркамі Анастасіяй Рагатка (KYKY.org) і Яўгеніяй Сугак (the-village.me) спякотным летнім днём зладзілі пікнік на страсе. Ежай забяспечыў рэкламадаўца, а гутарылі пра мужчын. Ну, калі б яшчэ нам пашчасціла прачытаць развагі трох паспяховых жанчын пра супрацьлеглы пол?

Праўда, рэкламадаўцу трэба актыўна шукаць. Колькасць штатных журналістаў у KYKY роўная колькасці мэнэджэраў па рэкламе: іх па тры. Яшчэ ў камандзе, акрамя рэдактаркі і дырэктаркі, пра якіх ужо пісалася, більд-рэдактар, SMM-шчык, праграміст. І шмат пазаштатных аўтараў.

Некаторыя пішуць усяго адзін артыкул — на тэму, якая іх хвалюе і/ці дзе яны спецыялісты. Некаторыя супрацоўнічаюць з рэдакцыяй рэгулярна. У прынцыпе, стаць аўтарам KYKY можа кожны, галоўнае, каб была цікавая гісторыя, бо, на думку рэдакцыі, ніякая адукацыя не робіць журналістам, толькі практыка.

Калі Вы хочаце ставіць "жывыя" тэксты — не высылайце іх на ўзгадненне. Самі журналісты KYKY, праўда, амаль усе тэксты ўзгадняюць. Але, па словах Сашы Раманавай, варта імкнуцца да такога ўзроўню даверу героя: "вы пасядзелі — і ён упэўнены, што ты напішаш файна". Ну, і не з усімі праўкамі варта пагаджацца. Чалавеку бывае складана ўспрымаць свае словы, надрукаваныя журналістам. На сэлфі ж мы выглядаем не так, як у жыцці, праўда? Таму праўлены тэкст можа "прырасці" канцылярызмамі і літаратурным стылем. Даводзіцца тлумачыць: "Вы ж так не гаворыце на самой справе".

Дарэчы, усе героі Kyky сапраўдныя. Але ці кажуць яны праўду? KYKY — часопіс меркаванняў, таму пытанне не залічваецца.

Пра што мараць і шкадуюць журналісты KYKY?

Яны чакаюць сэкс-шоп! Дакладней, чакаюць, што якая-небудзь крама адпаведнага профілю замовіць у іх натыўную рэкламу. Ужо маюць шмат ідэй ды накідаў, а "Германа ўсё няма"… Ні за адзін тэкст рэдакцыі не сорамна, яна ні пра што не шкадуе. Сумневы ў Сашы Раманавай выклікае хіба ўласны артыкул пра пантавыя ванны. Быццам бы ўсё ж не вельмі гуманны шлях аздараўлення і не трэба было згаджацца яго рэкламаваць, хоць аленяў і не забіваюць. На пытанне “Ці любы прадукт возьмецеся рэкламаваць?" рэдакцыя адказала, што не рэкламуе "рэчы, шкодныя для здароўя, лахатроны і казіно".

Пасля выхада тэкста Марыі Вайтовіч пра патолагаанатамку паступіла просьба ад гераіні прыбраць публікацыю, хаця тэкст быў з ёй да слоўца ўзгоднены. Рэдакцыя адмовіла, і тады гераіня схавала допісы ў сваім Twitter, якія прынеслі ёй вядомасць. Марыя спрабавала высветліць у дзяўчыны, што здарылася, што памяняць у артыкуле, але яна перастала выходзіць на сувязь. "Мне вельмі шкада" — рэзюмавала журналістка.

Шмат пытанняў выклікаў тэкст Ганны Златкоўскай "Аборт — гэта не віна мужчын ці абставінаў. Гэта безадказнасць жанчыны". Пасля халівару ў каментарах рэдакцыя і сама Ганна вырашылі, што артыкул патрабуе дадатковых тлумачэнняў, якія і апублікавалі на пачатку тэкста. Сайт KYKY прынцыпова не "чысціць", нічога не прыбірае, якая б рэакцыя на тэкст ні была.

Статыстыка для тых, хто любіць лічбы:

У жніўні 2017-га на KYKY.org было 53 тысячы рэальных наведвальнікаў штодня. Каля 30% прыйшло з сацсетак. Гэта, як кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, сярэднестатыстычны ўзровень для еўрапейскага СМІ, а ў Беларусі далёка не ўсе яго дасягаюць. 57% аўдыторыі KYKY – мужчыны. Большая частка наведвальнікаў – ва ўзросце ад 25 да 44 год, 5% – пенсіянеры. Амаль увесь трафік арганічны – артыкулы не рэкламуюцца за грошы, толькі зрэдку рэдакцыя робіць платную прамоцыю матэрыялаў у Facebook.

Партнёры прэс-клуба