Arzamas. Канспект лекцыі

7 красавіка ў Прэс-клубе прайшла адкрытая лекцыя Алега Кароннага «Як прымусіць людзей любіць навуку». Інтэрнэт-часопіс 34mag.net у межах рубрыкі Mediascape падрыхтаваў кароткі канспект сустрэчы, які мы публікуем з дазволу рэдакцыі. 

Arzamas. Канспект лекцыі

Што такое Arzamas.аcademy?

• Летам 2014 года наш галоўны рэдактар Філіп Дзядко сабраў маленькую каманду і прапанаваў запісаць на відэа лекцыі сапраўды класных навукоўцаў. Далей аказалася, што проста лекцый недастаткова і трэба забяспечваць іх дадатковымі матэрыяламі, рабіць сайт, прыдумляць дызайн. Спачатку ў праекце ўдзельнічалі тры чалавекі. Потым «Арзамас» вырас у праект, які робіць больш за дваццаць чалавек.

Пра ідэалогію

• Першапачатковая ідэалогія Arzamas – зрабіць з навукоўцаў рок-зорак. Мы хацелі распавядаць проста пра складанае, перакладаць каштоўныя веды навукоўцаў на зразумелую і даступную ўсім мову. Веданне гісторыі ці літаратуры наўрад ці дапаможа вам у жыцці, але, хутчэй за ўсё, дапаможа знайсці агульную мову з аднадумцамі. Наша ідэя – адукоўваць.

Хто робіць Arzamas

• Усяго ў камандзе больш за 20 чалавек. Задача галоўнага рэдактара – сабраць каманду і быць класным. Задача чатырох шэф-рэдактараў – цалкам адказваць за праект. Ёсць рэдактар, які ў асноўным займаецца аўдыя, а ёсць той, хто займаецца аплікацыямі. У выніку каманда з сямі рэдактараў прыдумляе ідэі, абмяркоўвае спецпраекты і структуру курсаў. Блізка да гэтых людзей знаходзяцца дызайнеры. Разам з рэдактарам яны прыдумляюць логіку сайта. У штаце – два праграмісты: front-end і back-end.

• Ад двух фотарэдактараў у камандзе залежыць настрой, таму што людзі ў першую чаргу спажываюць вачыма. Фотарэдактар павінен знайсці ідэальную ваўчыцу, каб было смешна, або ідэальнага сабаку. І, вядома, у нас ёсць выпускаючы рэдактар, які глядзіць на вынік апошнім і кажа, што гэта нікуды не гадзіцца.

• Камерцыйны аддзел шукае партнёраў, якія хочуць рабіць з намі спецпраекты. Адміністратар рэдакцыі сочыць за тым, каб выконваўся дэдлайн і каб мы не павар’яцелі. Калі рэдактар шчыруе над сваёй маленькай дзялянкай, то адміністратар рэдакцыі арудуе над усімі, каб было зразумела, куды цягнуць камень для пабудовы піраміды.

• У асноўным гэта ўсе людзі, якія раней працавалі ў СМІ. Філіп Дзядко сабраў каманду мары: у нас ёсць людзі з Esquire, Lenta.ru і іншых выданняў.

Як уладкаваны сайт

• Калі вы апынуліся на галоўнай старонцы, значыць, хутчэй за ўсё, з вамі нешта не так. Таму што галоўная старонка – гэта тое, што цікавіць толькі тых, хто робіць сайты. Карыстальнікі звычайна трапляюць на сайт праз сацсеткі.

• Калі я пачаў упершыню працаваць у медыя ў 2011 годзе, усё, што я запомніў пра рубрыкатар: ён у мінулым.

• Вялікія праекты выходзяць у нас звычайна раз на некалькі тыдняў. Да наступнага абнаўлення на галоўнай вісіць нешта з апошніх матэрыялаў. Калі хочацца весялосці, мы ставім матэрыял, які заўсёды заходзіць. Адно з нашых найвялікшых адкрыццяў: стары матэрыял заходзіць так жа добра, як і новы.

Пра курсы

• Курсы складаюцца з лекцый і дадатковых матэрыялаў. Лекцыя працягваецца ў сярэднім пятнаццаць хвілін. Як вы разумееце, не вельмі проста здымаць на тры камеры, а потым яшчэ мантаваць. Вытворчасць відэа дарагая, а глядзіць іх значна менш людзей, чым чытае матэрыялы. Аднак менавіта відэалекцыі – цэнтр нашага курсу. І ўжо да тэмы лекцый мы робім дадатковыя матэрыялы: тэксты, тэсты, гульні. Мы паступова пераходзім ад відэа- да аўдыялекцый. Па-першае, вытворчасць аўдыя танней. Па-другое, здаецца, што аўдыя больш неабходна людзям. Мы марнуем час на стварэнне графікі для відэалекцый, але іх слухаюць, пакуль мыюць посуд, адвярнуўшыся ад экрана або гуляючы ў прыстаўку.

Пра часопіс

• Калі мы зразумелі, што не зможам выпускаць па адным курсе на тыдзень, мы прыдумалі часопіс. У ім выходзяць матэрыялы пра ўсё на свеце, звязаныя з гісторыяй культуры. Ён абнаўляецца кожны дзень за кошт маленькай хітрасці – мікрарубрыкі. Так ствараецца ўражанне, што сайт не памёр і не быў зачынены Раскамнаглядам. Курсы – гэта пра адукацыю, часопіс – гэта проста займальныя артыкулы.

Пра шлях матэрыялу

• Давайце прасочым шлях матэрыялу. Да прыкладу, мы запісалі курс лекцый пра Парыж ХІХ стагоддзя: знайшлі лектара, адздымалі відэа. Далей з’яўляецца рэдактар, адказны за курс. Задача рэдактара – прыдумаць дадатковыя матэрыялы вакол курсу. Так, можна напісаць таймлайн Французскай рэвалюцыі, але гэта ўжо ёсць на Вікіпедыі. Нам жа трэба растлумачыць, што за чым ішло, але не ў панылай форме. Для такога матэрыялу мы прыдумляем гульню.

• Напрыклад, у нас ёсць гульня «Перажываючы ўсе рэвалюцыі». З яе дапамогай мы расказваем храналогію Французскай рэвалюцыі ў займальнай форме. Мы апісваем сітуацыю і прыдумляем механіку. У фінале я атрымліваю картку з вынікам, якая адправіцца ў сацсетку і прымусіць маіх сяброў паўдзельнічаць у гэтай віктарыне жыцця і смерці.

• Пасля трэба знайсці чалавека, які напіша тэкст. Звычайна складана знайсці аўтара, які добра піша і шмат ведае. Магчыма, прыйдзецца перапісаць тэкст восем разоў. Калі скончацца баталіі з аўтарам, паказваем тэкст навуковаму спецыялісту для фактчэкінгу. Дарэчы, лектар ніяк не кантралюе дадатковыя матэрыялы.У стварэнні складанага матэрыялу ўдзельнічаюць праграміст, дызайнер, карэктар, выпускаючы рэдактар. І такі матэрыял адразу запамінаецца. Трэба пастаянна здзіўляць чымсьці новым, каб у вас заўсёды быў імідж інаватара.

Пра сацсеткі

• Пасля выпуску матэрыялу трэба данесці яго людзям. Мы, вядома, выкладваем яго ў сацсеткі. У розных сацсетках мы паводзім сябе па-рознаму. У Facebook неверагодны, нікому не зразумелы алгарытм. Facebook не любіць, калі вы часта выкладваеце матэрыялы. Напрыклад, лайфстайл-сайты, у якіх ёсць суполкі ў Facebook, выкладваюць матэрыялы кожныя паўгадзіны. У іх тры-чатыры лайкі – поўны адстой! Мы выкладаем у Facebook матэрыялы два-тры разы на дзень, і ў нас усё добра: сотні лайкаў, куча перапостаў.

• Скажу максімальна банальную думку: патрэбны класны загаловак. Не варта перабольшваць і падманваць людзей, пісаць у ім тое, чаго няма ў матэрыяле.

• «УКантакце» – трохі іншая аўдыторыя, мінімальна іншая мова, больш пастоў. Там мы робім пасты значна часцей: прыкладна раз на дзве гадзіны. Ёсць ілюзія, што «УКантакце» абавязкова трэба выкладваць мемы. Мы іх не выкарыстоўваем. У нас 210 тысяч падпісчыкаў, і за ўсю гісторыю вядзення «УКантакце» мемы мы посцілі толькі тры-чатыры разы.

• У нас ёсць «Аднакласнікі». Каб зрабіць класны праект, трэба выйсці з зоны камфорту. Нам важна, каб нас чыталі не толькі ў сталіцах, але і ў рэгіёнах. У «Аднакласніках» складана. Што б мы ні напісалі, у каментарах нас абвінавацяць ва ўсіх смяротных грахах. Трэба пісаць вельмі акуратна: ніякіх жартаў і пажадана пра Расію. Напрыклад, мы хочам размясціць у «Аднакласніках» матэрыял з біяграфіямі персанажаў былін. Замест падводкі «Божа, вы здзівіцеся, калі даведаецеся, што Ілля Мурамец забіў сына, а Дабрыня Нікіціч адсек рукі свой нявесце!» мы пішам: «Нашы спрадвечныя, выдатныя, айчынныя быліны. Глядзіце, чытайце, каментуйце».

• Мы карыстаемся рассылкай. Гэта такі олдскульны метад, але больш-менш дзейсны. Рэдактар, адказны за выхад новых матэрыялаў, піша ліст. Адсотак адкрыцця – 50%. Мы робім рассылку праз MailChimp. Гэта выдатная рэч, каб не выклікаць праграміста кожны раз, а паспрабаваць зрабіць гэта сваімі рукамі.

Якія матэрыялы працуюць

• У дзясятцы самых папулярных матэрыялаў амаль усе – тэсты. Калі ў вас ёсць жаданне выдумляць інтэрактыўныя дурныя штукі, праводзіце больш часу за відэагульнямі.

• «Элементарны даведнік па філасофіі ХХ стагоддзя» – матэрыял-шпаргалка, які добра працуе. У чалавека ёсць уяўленне, што ён зойдзе і адразу пра ўсё даведаецца. Хутчэй за ўсё, ён захавае такі матэрыял у закладкі і не будзе яго чытаць. Тым не менш гэта робіць матэрыял папулярным і карысным, да яго можна звяртацца перад іспытам.

• «Усё, што трэба ведаць пра…» у некалькіх пунктах – гэта адзін з самых эфектыўных і дзейсных фарматаў. Калі трэба распавесці пра вялікую тэму і выціснуць інфармацыю па максіме, трэба звяртацца да яго.

• Спісы і рэкамендацыі на цікавую тэму накшталт «Што чытаць / глядзець / слухаць на вакацыях» заходзяць заўжды добра.

• Фармат міфаў. Напрыклад, матэрыял «23 міфы, якія раздражняюць навукоўцаў» выявіўся вельмі папулярным.

• Тлумачэнні на пальцах. З гэтым усё зразумела.

Пра манетызацыю

• У нас ёсць мецэнат, які паверыў у нашу ідэю і разам з Філіпам прыдумаў гэты сайт. Яшчэ ў нас ёсць камерцыйны аддзел, які шукае партнёраў і прапануе ім спецпраекты. Наогул прадаваць рэчы пра гісторыю і культуру нашмат прасцей, чым пра штосьці іншае. Вядома, кампаніі хочуць, каб з іх брэндам асацыявалася нешта добрае. А што можа быць лепш за асвету і адукацыю?

Матэрыял прадстаўлены інтэрнэт-часопісам 34mag.net.

Фота: Мікалай Жукаў/Прэс-клуб
 

Падзяліцца:

12 красавіка 2017 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняArzamas. Канспект лекцыі

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць