Пляцоўка для прафесійнага росту медыясупольнасці
Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
Пляцоўка для прафесійнага росту медыясупольнасці
Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
Стаць сябрам Меню Зарэзерваваць зал

Знайдзіце тое, за што вас палюбяць. Дзесяць трэндаў у журналістыцы, зафіксаваных падчас медыякангрэса ў Кіеве

Фота: Асоціація незалежних регіональних видавців України

Кангрэс інфармацыйных сайтаў і гарадскіх парталаў адбыўся 27 лістапада ў Кіеве. Больш за два дзясяткі экспертаў з Беларусі, Украіны, Польшчы і Чэхіі агучылі прафесійныя прыёмы, якія варта выкарыстоўваць медыям, каб утрымаць чытачоў і пачаць зарабляць у інтэрнэце. 

 

Беларускія журналісты і рэдактары таксама ўзялі ўдзел у кангрэсе. Сваім досведам з калегамі падзяліўся Юры Зісер, распавядаючы пра практычныя кейсы манетызацыі і піяра, а таксама Сяргей Сахараў з прэзентацыяй кейсаў манетызацыі кантэнта праз спецпраекты. 

У хуткім часе арганізатары абяцаюць прадаставіць відэа з Кангрэса, якое будзе выкладзена на нашым сайце, а пакуль Настасся Роўда коратка зафіксавала некаторыя трэнды журналістыкі.

1. Вас могуць чытаць дзе заўгодна і як заўгодна
Цяпер не толькі праз камп’ютар, планшэт і тэлефон, але і праз гадзіннік. Сёння сайты павінны быць адаптыўнымі. Калі вас нязручна чытаць, вас не будуць чытаць. 

2. Гуляйце з карыстальнікамі ў навіны
Новы трэнд – гейміфікацыя навін. Дайце карыстальніку магчымасць самому асэнсаваць падзею, наблізіць яе. Землятрус знішчыў горад? Стварыце гульню, у якой ваш чытач зможа адбудаваць яго па новай. Хваля ўцекачоў? Зрабіце так, каб карыстальнік сам пабыў уцекачом. Прыклады ўжо можна знайсці ў інтэрнэце.

3. Давайце аналітыку
Найперш меркаванні экспертаў, потым навіны. Чытачы хочуць не проста ведаць пра падзею, чытачы хочуць яе разумець. 

4. Навучыцеся рыхтаваць лічбы
Людзі любяць лічбы, аднак гэта тычыцца толькі тых, якія зручна і цікава пададзеныя. Стварайце інфаграфіку, але памятайце, што медыякантэнт мусіць быць шэдэўрам, ад якога карыстальнікі будуць атрымліваць задавальненне.

5. Рабіце відэа
Сучасныя карыстальнікі – візуалы. Яны хочуць глядзець відэа, фота. Задавальняйце іх патрэбы і заваёўвайце новую аўдыторыю. Тым больш, што апошнія даследаванні паказваюць, што сайты з відэакантэнтам набываюць усё большую папулярнасць.

6. Будзьце ў стужцы навін чытачоў у сацсетках
Многія атрымліваюць навіны толькі са сваёй ленты ў Facebook. І калі вы не хочаце губляць чытачоў, мусіце апынуцца ў іх стужцы навін. Пішыце такія падводкі, каб вас хацелі каментаваць і перапошчваць. Зрабіце так, каб журналісты рэдакцый распаўсюджвалі кантэнт медыя праз свае ўласныя старонкі ў сацыяльных сетках.

7. Вывучыце сваю аўдыторыю
Карыстайцеся сэрвісамі для аналізу аўдыторыі сайта, каб быць у курсе таго, што адбываецца на медыярынку. Гэта дапаможа вам зразумець, на якой пазіцыі знаходзіцеся вы і вашы канкурэнты. 
Навучыцеся выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю для прыцягнення рэкламадаўцаў.

8. Персаналізуйце кантэнт
Рабіце гэта на падставе дадзеных пра карыстальнікаў. Вы зможаце стаць бліжэй да свайго чытача, які хоча, каб на сайце была інфармацыя, створаная менавіта для яго. Шукайце тэхнічныя магчымасці зрабіць на сайце, каб карыстальнік бачыў, напрыклад, апошнія прачытаныя ім матэрыялы. Каб колерам вылучаліся тыя, якія ён ужо адкрываў. Прыдумляйце іншыя рэчы, якія змогуць паказаць чытачу, што ён уплывае на кантэнт сайта.

9. Абараняйце сябе і сваіх інфарматараў
Давярайце нататніку, а не дэвайсам, па якіх усе вашы дзеянні можна адсачыць. Намагайцеся максімальна абараніць вашы крыніцы інфармацыі. Менш размаўляйце па тэлефоне, а больш хадзіце на сустрэчы. 

10. Знайдзіце тое, за што вас палюбяць
Людзі гатовыя плаціць за брэнд, за эмоцыі, якія ў іх узнікаюць, калі яны карыстаюцца вашым сайтам ці чытаюць вашу газету. Людзі гатовыя плаціць за ўсмешку, якую вы ім дорыце. 

Памятайце, што новае ўзнікае пры сутыкненні старога, і дзейнічайце!

Настасся Роўда

Больш фота тут.

Партнёры прэс-клуба