Urban Space Radio - бадай, адзін з самых незвычайных медыйных праектаў пастсавецкага рэгіёну.
Студыя незалежнага медыя пра урбаністыку, культуру, грамадскае жыццё адкрылася ў 2015 годзе ва ўкраінскім Івана-Франкоўску ў памяшканні рэстарана (!), заснаванага неабыякавымі гараджанамі.
Рэстаран Urban Space 100 - сацыяльны бізнес, на які сто франкоўцаў скінуліся па 1 тыс. даляраў. 20% ад яго прыбытку ідзе ўпраўляючай кампаніі, 80% - на развіццё самых розных гарадскіх ініцыятыў.
За амаль чатыры гады свайго існавання праект Urban Space стаўся цэнтрам гарадскога жыцця Івана-Франкоўска і абзавёўся франшызай, па якой аналагічнае месца адкрываецца ў Кіеве.
Наколькі трывалым можа быць звязка сацыяльна адказнага праекту і медыя? Што было першым - актывізм ці медыйная ідэя? У якой ступені праект абавязаны сваім поспехам радыё - і якое месца займае яно ў сістэме і ў жыцці горада зараз? Як медыі здольныя паляпшаць гарадское жыццё?
Пра гэта на адкрытай лекцыі ў Прэс-клубе распавядуць каардынатарка Urban Space Radio Юлія Кушнір і менеджэрка франшызы Urban Space Марта Гладка.
Уваход вольны пры ўмове папярэдняй рэгістрацыі на сайце Прэс-клуба.