Прэс-клуб пачынае набор беларускіх удзельнікаў на міжнародны варкшоп Belarus in Focus. Варкшоп пройдзе ў Мінску 27-29 лістапада. Ён стане фінальным этапам міжнароднага конкурса журналісцкіх работ, прысвечаных Беларусі – Belarus in Focus ("Беларусь у фокусе").
Беларускія ўдзельнікі будуць супольна з найлепшымі міжнароднымі журналістамі, якія цікавяцца Беларуссю, шукаць і распрацоўваць тэмы для публікацый, якія зацікавяць міжнародныя СМІ.
Лепшая ідэя, распрацаваная падчас варкшопу, атрымае эквівалент $1000 на яе рэалізацыю.
Падрабязная праграма варкшопу будзе даступная пазней. Зараз мы ведаем, што: 27-га лістапада ўвечары адбудзецца знаёмства ўдзельнікаў варкшопу ў нефармальнай абстаноўцы, 28-га лістапада ўдзельнікі варкшопу сустрэнуцца з прадстаўнікамі арганізацый грамадзянскай супольнасці, IT-сектара і інш., 29-га лістапада адбудзецца праца над ідэямі і прэзентацыя ідэй для артыкулаў.
Падчас варкшопу вы зможаце:
- пазнаёміцца з пераможцамі і ўдзельнікамі конкурсу Belarus in Focus 2017, якія публікаваліся ці публікуюцца ў Foreign Policy, «Коммерсант», The Guardian, Los Angeles Times, Euronews, Coda Story, OKO.press, Focus.ua;
- навучыцца паспяхова прэзентаваць свае ідэі, распрацаваныя тэмы для артыкулаў пра Беларусь для міжнародных СМІ;
- папрацаваць разам з замежнымі і беларускімі журналістамі над тэмамі для артыкулаў пра Беларусь пад кіраўніцтвам шматгадовага сябры журы конкурсу – Андрэя Аляксандрава, медыяэксперта і рэдактара "Беларусского Журнала"
Дэдлайн: каб удзельнічаць у адборы на варкшоп, запоўніце заяўку да 22-га лістапада, 23:59. Вынікі адбору будуць паведамленыя 23-га лістапада.
Перавага будзе аддадзена матываваным удзельнікам з добрым узроўнем размоўнай англійскай мовы.
Конкурс Belarus In Focus арганізаваны Інфармацыйным офісам “Беларусь у фокусе” у сёмы раз. Партнёр праекту – Прэс-клуб.