Пляцоўка для прафесійнага росту медыясупольнасці
Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
Пляцоўка для прафесійнага росту медыясупольнасці
Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
Стаць сябрам Меню Зарэзерваваць зал

Як беларускаму журналісту працаваць з Еўрапарламентам

Адносіны Беларусі і ЕС апошнім часам актывізуюцца. А гэта значыць, што зараз можна чакаць усё больш візітаў еўрапейскіх палітыкаў у Беларусь і важных рашэнняў у Брусэлі, якія наўпрост будуць тычыцца нашай краіны. Як беларускім СМІ трымаць руку на пульсе падзей і атрымліваць самую актуальную інфармацыю з Еўрапарламента, як аздобіць свой матэрыял эксклюзіўным каментаром еўрадэпутата і якія памылкі журналісты звычайна робяць у камунікацыі з Брусэлям – пра гэтае распавяла Паўліна Блашчак, дарадца еўрадэпутата Агнешкі Казлоўскай-Раевіч.

– Які шлях для беларускага журналіста лепшы, каб хутка атрымаць каментар еўрадэпутата па актуальным пытанні, калі ў журналіста няма асабістых знаёмстваў у Брусэлі?

– На мой погляд, найлепшы шлях – проста напісаць яму электроны ліст альбо асабіста патэлефанаваць, персанальныя кантакты ёсць на сайтах еўрадэпутатаў. А калі вы трапілі ў Брусэль альбо магчымая камандзіроўка, то вы можаце наўпрост запытаць пра асабістую сустрэчу ў Еўрапарламенце ці недзе яшчэ. Мне здаецца, еўрадэпутаты адкрытыя. Вам трэба спрабаваць. Гэта рэцэпт поспеху.

Што тычацца хуткасці, то ўсё залежыць ад перыяду часу. У Еўрапейскім парламенце тыдні адрозніваюцца па колеры.
Чырвоны тыдзень – еўрадэпутат знаходзіцца ў Страсбургу на пленарным пасяджэнні, тут больш за ўсё нагрузкі, звязацца з ім цяжка. Таксама не лепшы час для сувязі – зялёны тыдзень: еўрадэпутат знаходзіцца ў сваім рэгіёне, сканцэнтраваны на працы з мясцовымі праблемамі.

Вы хутчэй атрымаеце адказы ў сіні і бежавы тыдзень. Гэтым часам еўрадэпутаты ў Брусэлі альбо едуць кудысці ў складзе дэлегацыі свайго Камітэта.

Як не заблытацца ў гэтых колерах? На вэб-сайце Еўрапарламента вы можаце знайсці адпаведны каляндар у фармаце PDF.

– Як журналісту знайсці еўрадэпутата, які кампетэнтны ў пэўнай галіне (напрыклад, атамная энэргетыка ці адносіны з Расіяй)?

– У першую чаргу варта наведаць вэб-сайт Еўрапейскага парламента, таму што там ёсць інфармацыя пра любую дзейнасць еўрадэпутата. Для кожнага ёсць свой прафайл: у якія тэмы ён уцягнуты, да якога Камітэта належыць.

Калі вас цікавіць дакладны дакумент – дырэктыва, рэзалюцыя, – то варта знайсці яго на сайце Еўрапарламента, бо там ёсць і інфармацыя пра тых еўрадэпутатаў, хто мае да яго непасрэднае дачыненне.

Альбо праз сайт можна знайсці агульны спіс камітэтаў ды дэлегацый, каб абраць некага еўрадэпутата з іх.

Як бачыце, нічога складанага :)


Аўтар артыкулу Вадзім Мажэйка, еўрадэпутатка Агнешка Казлоўская-Раевіч, і беларуская журналістка Ганна Любакова

– Беларускія медыя часцей за ўсё не могуць сабе дазволіць асабістага карэспандэнта ў Брусэлі. Дзе ў такім выпадку, лепш за ўсё даведвацца пра свежыя, інсайдэрскія навіны пра дзейнасць і рашэнні Еўрапарламента?

– Па-першае, вы можаце кантактаваць з еўрадэпутатамі, якія займаюцца беларускімі справамі – напрыклад, Агнешкай Казлоўскай-Раевіч. Дэлегацыя па адносінах з Беларуссю – гэта група людзей, якія, мяркую, больш за ўсіх інфармаваныя ў пытаннях, што вас могуць цікавіць. Па-другое, вы можаце асабіста сачыць за кожнай афіцыйнай сустрэчай ці дыскусіяй у Еўрапарламенце праз сэрвіс EuroparlTV. Па-трэцяе, можна сачыць за навінамі ў іншых медыя.

– Якія існуюць тыповыя памылкі журналістаў, што звяртаюцца ў офіс еўрадэпутата? Як не трэба сабе паводзіць?

– Вы павінныя распавесці пра сябе. Хто вы такі, чаму звяртаецеся да еўрадэпутата і г.д. Не пачынайце з пытання без аніякіх звестак пра вас.

Калі вы дасылаеце электроны ліст, пачакайце адказу тыдзень-другі і толькі пасля гэтага тэлефануйце ў офіс еўрадэпутата і пытайцеся пра адказ. Не дасылайце электронныя лісты ўвесь час, аднаго дастаткова, а потым – патэлефануйце, каб нагадаць пра ваш запыт.

– А як ўсё ж такі атрымаць адказ хутчэй, чым праз два тыдні?

– Можаце адразу патэлефанаваць і, магчыма, вы атрымаеце адказ у той самы дзень, калі ў еўрадэпутата няма якіх-небудзь сустрэч. Гэта залежыць ад сітуацыі і ад перыяду дзейнасці Еўрапарламента. Можа вам пашанцуе і вы атрымаеце адказ адразу, але часам трэба пачакаць. Памятайце, што еўрадэпутаты таксама людзі, а не машыны :)


Дарадца еўрадэпутаткі Агнешкі Казлоўскай-Раевіч Паўліна Блашчак і Вадзім Мажэйка

– Якія вам вядомыя лайфхакі для журналістаў, як ім лепей разбірацца ў дзейнасці Еўрапарламента?

– Калі вас цікавіць дзенйасці Еўрапарламента, паспрабуйце наведаць гэтую інстытуцыю. Магчыма, з дапамогай еўрадэпутата альбо іншым шляхам. Найлепшы шлях зразумець, як тут усё працуе, – правесці тут некалькі тыдняў.

Не бойцеся кантактаваць з еўрадэпутатамі ды іншымі персонамі з Еўрапарламента. Кааперацыя – самая істотная рэч!
 

Аўтар: Вадзім Мажэйка

Партнёры прэс-клуба