Мінск, вул. Кісялёва, 12-2н, пам. 29
Стаць сябрам Меню Зарэзерваваць зал

«Складаць ручкі і паміраць рана»: як COVID-19 змяніў жыццё беларускіх журналістаў

З пачатку пандэміі прайшло ўжо амаль два гады. І калі яна не змяніла журналістыку назаўсёды, то дакладна прымусіла перагледзець многія прафесійныя стандарты.

 

Спыталі беларускіх журналістаў і рэдактараў, як на іх працу і жыццё паўплываў COVID-19.  

«Журналісты зрабілі ў сітуацыяй з каранавірусам усё магчымае»

Вольга Сямашка

кіраўнік беларускай рэдакцыі Радыё «Ўнэт»


Фота: Facebook Вольгі Сямашкі

Калі ўся гэта сітуацыя пачыналася, калегам было цяжка сядзець дома. Але не магу сказаць, што для нашай сям'і гэта стала праблемай. Мы заўсёды вялі актыўны лад жыцця, дома перасякаліся рэдка. А тут мы на паўгады заселі дома: і вучоба ў сына была, і муж з дома працаваў, і я. Але ў кожнага з нас быў свой пакой, таму сумеснае жыццё 24/7 было не такім праблематычным. Заарганізаваліся і сустракаліся час ад часу на кухні.

Праз каранавірус змянілася шмат: стала менш офіснай працы, прыйшлося арганізоўваць працу з дома. Тэхнічныя магчымасці зараз усё гэта дазваляюць рабіць дыстанцыйна: запісваць экспертаў, нават відэа пісаць, праводзіць канферэнцыі і інтэрв'ю. Я, напрыклад, вяду зараз эфіры з дому.

Таму плюсы ў гэтай гісторыі я таксама бачу. Гэта дало магчымасць эканоміць час, не трэба перамяшчацца з аднаго месца ў іншае. І гэта тычыцца не толькі журналістаў, але і экспертаў. Зараз я ўвогуле схіляюся да такой думкі, што мне зручней працаваць з дому, а не з офіса.

Журналісты робяць шмат: расказваюць пра сітуацыю з каранавірусам, пра небяспеку, заклікаюць насіць маскі. Калі гэта ўсё пачыналася, у Беларусі былі першыя каранавірусныя выпадкі, у журналістаў не было інфармацыі, ніякай статыстыкі. Прыйшлося стаць матэматыкамі, складаць лічбы, якія Белстат прадстаўляў. Рэдакцыі пачыналі кантактаваць адна з адной, у каго што атрымалася з гэтымі лічбамі...

Я думаю, што журналісты зрабілі ўсё магчымае, у мяне вялікіх прэтэнзіяў няма. Можа, трэба было яшчэ больш пхаць чыноўнікаў, каб яны прадстаўлялі праўдзівую інфармацыю, але тут ужо наколькі магчымасці дазвалялі, усе гэта рабілі.

«Абсурдная сітуацыя»

Андрэй Мялешка

незалежны журналіст


Фота: Facebook Андрэя Мялешкі

Вельмі шмат размоваў зараз адбываецца не пры асабістых сустрэчах. Хаця я працую на радыё і ў розных выданнях, для мяне было вельмі дзіўна, што я не магу ўбачыць свайго суразмоўцу. Для мяне важны асабісты кантакт. І маскі вельмі часта засланяюць чалавека ад рэальнасці. У масцы чалавек і выглядае зусім па-іншаму.

На мяне таксама паўплывала тое, што размаўляеш з чалавекам пра кавід, а праз тыдзень дазнаешся, што ён захварэў. І думаеш: «Божа мой, ці ён мяне заразіў ці не». Перасцярога, канешне, ёсць. Былі выпадкі, калі размаўляў з чалавекам, а праз колькі тыдняў дазнаваўся, што ён памёр ад каронавірусу. Такія рэчы вельмі засмучаюць.

Я вельмі хацеў прышчапіцца, але зрабіць прышчэпку атрымалася літаральна толькі на днях. У Беларусі я гэтага зрабіць не змог, ды і з беларускай прышчэпкай я б нікуды не змог паехаць. Прышчэпка, якую я зрабіў зараз у Польшчы, ніяк на мяне не паўплывала, я вельмі добра яе ўспрыняў. Апроч таго, заўсёды нашу маскі, стараюся трымаць дыстанцыю ад іншых. Думаю, што гэтыя хвалі COVID-19 не апошнія, будуць і наступныя.

Тое, што адбываецца ў Беларусі з каранавірусам, гэта нейкая абсурдная сітуацыя. Яшчэ падчас першай хвалі не дзяржава пачала нешта рабіць, а самі людзі. Дзяржава нічым не дапамагала. Людзі самаарганізаваліся, збіралі грошы праз валанцёрскую кампанію ByCovid і дамагалі лекарам у барацьбе з каранавірусам.

Я сам вельмі шмат патраціў часу на тое, каб знаёмым пашыць маскі, якіх напачатку было не знайсці. Рабіў абаронныя шчыткі для лекараў. Аб гэтым усім павінная была паклапаціцца дзяржава. Чаму ўлады не зрабілі так, гэта ўжо іншае, можна сказаць, філасофскае пытанне.

«Адзін рэцэпт – тэма не павінна знікаць з парадку дня»

Віталь Цыганкоў

палітычны аглядальнік і вядучы


Фота: Press Club Belarus

Я захварэў кавідам у верасні 2020 года. Калі апынуўся на Акрэсціна. Я там прабыў суткі, але быў момант, калі ў камеры-стакане знаходзіліся чалавек восем. Я хварэў даволі цяжка, у мяне была двухбаковая пнеўманія з вялікім працэнтам пашкоджання лёгкіх. З тыдзень ляжаў дома з моцнай тэмпературай, у стане трызнення, пасля ў бальніцы – агулам прахварэў дзён дваццаць.

Я выйшаў і адразу пачаў працаваць. Больш за тое, пісаў блог для «Свабоды» яшчэ з лякарні. Калі ў Кастуся Каліноўскага былі лісты з-пад шыбеніцы, у мяне – лісты з-пад кропельніцы. Доўгатэрміновых наступстваў у фізічным і маральным стане ў мяне не было.

Агулам пандэмія мала змяніла маю працу. Пакуль я быў у Беларусі, да ад'езда, мы ўжо не хадзілі ў офіс, быў паўкаранцін. Мая спецыфіка працы дазваляла мне працаваць дыстанцыйна.

Журналісты могуць рабіць толькі тое, што павінны: як мага больш паведамляць пра сітуацыю з каранавірусам. Нягледзячы на іншыя падзеі ў грамадска-палітычным жыцці, не забываць пра гэтую тэму, паколькі яна вельмі страшная. Гэта вельмі сур'ёзна. Таму тут адзін рэцэпт – каб не знікала гэтая тэма з парадку дня.

«Інфармацыя, якую падае Мінздароўя, не вытрымлівае крытыкі»

Мікола Бянько

журналіст, старшыня гомельскай філіі БАЖ


Фота: Facebook Міколы Бянько

Мой бацька быў адным з першых, хто захварэў у Беларусі. Тады ўжо былі выпадкі, але Мінздароўя не прызнаваў. Я быў вымушаны ўключыць журналісцкія навыкі, каб прымусіць іх прызнаць, што ён хворы менавіта на каранавірусную інфекцыю: заняцца пошукам кантактаў, вызваньваць іх усіх, уключаць нават запіс размовы. На гэты момант бацька жывы, але наступствы досыць цяжкія.

Каранавірус змяніў вельмі моцна маю журналісцкую працу, перафарматаваў яе, звузіліся кантакты. І я ўпэўнены, што так, як раней, ужо не будзе.

Раней я працаваў рэпарцёрам і ў дзень мог дзясяткі чалавек запісаць, пайсці ў горад. Пасля гэтага я адмовіўся ад такога жанру апытанкі на вуліцы. Бо гэта было б зусім безадказна з майго боку: запісваць людзей на мікрафон, і гэтым мікрафонам далей пераносіць вірус, які можа забіць кагосьці.

Калі казаць пра іншыя наступствы для маёй працы, то я планаваў здымаць адзін дакументальны фільм, дзе героі – пажылыя людзі. Спачатку ў прошлым годзе я перанёс здымкі, а потым ўвогуле адмовіўся ад гэтай ідэі. Тэма актуальная, але я дагэтуль не магу з пажылымі працаваць, бо хвалююся за іх здароўе і жыццё.

Паколькі ў нашай краіне амаль разгромленая незалежная журналістыка і знішчаная амаль уся інфраструктура, гаварыць пра нейкі вялікі ўплыў незалежных СМІ на сітуацыю мала выпадае. Ды і ў іншыя часы мы маглі толькі інфармаваць грамадзянаў.

Але ў нас вельмі мала адкрытых крыніцаў, каб рыхтаваць праўдападобныя публікацыі. Тая інфармацыя, якую падае Міністэрства здароўя, яна нават зараз не вытрымлівае крытыкі. У пік чацвёртай хвалі падаюць лічбы не вышэй за дзве тысячы.

Адчуванне, што каранавірус у Беларусі – кіраваны, як і ўсе грамадска-палітычныя працэсы. Не можа быць такога, каб планка ў дзве тысячы была перавышаная. Я не кажу ўжо, што ёсць розныя статыстычныя мадэлі, і людзі, якія маюць веды, шмат разоў абвяргалі гэтыя дадзеныя. Мы не можам спаслацца на гэты звесткі, мы не можам атрымліваць дадзеныя ад лекараў, бо ім забаронена. Застаюцца нейкія эмацыйныя матэрыялы, якія маюць мала каштоўнасці.

«Адна з пазіцыяў, якую СМІ могуць праводзіць, гэта асвета пра асабістую бяспеку»

Паўлюк Быкоўскі

палітычны аглядальнік, медыяэксперт


Фота з асабістага архіву

На пачатку пандэміі я сутыкнуўся з тым, што мой працадаўца Deutsche Welle запатрабаваў, каб я карыстаўся маскай, калі ў Беларусі гэтага яшчэ ніхто фактычна не рабіў. Тады карыстанне маскай выглядала такой тэхналогіяй, якую аспрэчвалі некаторыя спецыялісты. Казалі: «Маска толькі для тых, хто хворы», «маска не абароніць ад захворвання» і г.д. Але калі знаходзіцца ў кантэксце таго, як у Еўропе ставіліся да кавіда, такое патрабаванне ў значнай ступені не паказалася б незвычайным.

Падчас першай хвалі пандэміі, у першы момант шоку і непаразумення, мой працадаўца казаў, што не можа загадаць мне ісці на мерапрыемства, бо я магу заразіцца. Калі я хачу, то тады магу схадзіць – змянілася танальнасць. Зараз ужо такія рэчы адышлі ў бок, канкрэтна для Беларусі ўзніклі і больш яўныя і заўважныя пагрозы, чым каранавірус.

Мы сталі больш браць каментароў дыстанцыйна, удзельнічаць у Zoom-канферэнцыях. І гэта змяніла некаторыя рэчы. Далёкія эксперты раптам зрабіліся блізкімі, а блізкія, з якімі можна было сустрэцца на нейкім мерапрыемстве ці ў кавярні, зрабіліся менш даступнымі.

Яшчэ адзін з момантаў, калі трэба было хутка вызначыцца, – як я асабіста, як чалавек, а не толькі як журналіст, стаўлюся да ўсёй гэтай інфармацыі пра кавід, чаму давяраць, а чаму не.  Гэта пэўны выклік, праз які шмат хто мусіў прайсці. Мы прызвычаіліся да адной карціны свету, а яна раптам і даволі значна памянялася.

Я бачу, што сёння не магу давяраць афіцыйнай статыстыцы па захворваннях. На самым пачатку мы сутыкнуліся з невытлумачальнымі кульбітамі з лічбамі захворванняў і смерцяў. Зараз цяжка ацаніць, наколькі можна давяраць дадзеным пра прышчэпкі. Мы бачым, што ёсць валюнтарызм пры прыняцці рашэнняў наконт масачнага рэжыму, правядзення масавых мерапрыемстваў.

Адна з пазіцыяў, якую медыя могуць праводзіць, гэта асвета з пункту гледжання асабістай бяспекі, якія метады важныя, як яны працуюць. Каб людзі маглі прыняць інфармаваныя рашэнні: рабіць прышчэпку ці не, рабіць яе ў Беларусі ці ў іншай краіне, ці рабіць рэвакцынацыю, ці карыстацца нейкімі сродкамі абароны.

Тут журналісты не мусяць замяняць экспертаў, але павінныя запрашаць іх выказвацца, каб яны простай і зразумелай мовай тлумачылі людзям важныя рэчы пра каранівірус і вакцынацыю.

На жаль, гэта сёння ў значнай ступені абмежавана. Дзяржаўныя СМІ перадаюць толькі пазіцыю ўладаў. А недзяржаўныя медыя вымушаныя па большай частцы публікаваць матэрыялы, дзе ананімныя эксперты выступаюць з ацэнкамі. І гэта таксама вельмі зніжае давер з боку чытачоў да такіх публікацыяў. Але складаць ручкі і паміраць рана. Мы мусім шукаць выйсце.

Прэс-клуб

Фота на галоўнай: Pexels / Anna Shvets 


Вас также может заинтересовать:

Коронавирус в Беларуси. Как беларусам (вы)жить и чем медиа могут помочь

Как писать про медицину и ошибаться не очень часто. Лекция Дарьи Саркисян (Meduza)

Бесплатный онлайн-курс по освещению темы вакцинирования

«Расследования в области здравоохранения и медицины»: руководство GIJN на русском

Партнёры прэс-клуба