Інфармацыйнае бюро Belarus in Focus сумесна з Прэс-клубам прапануюць вашай увазе кнігу Беларусь: 6 гадоў у фокусе міжнародных журналістаў. Беларускую версію кнігі можна смампаваць па спасылцы
Аб чым гэтая кніга?
Гэтая кніга — пра Беларусь. Беларусь, якой яе ўбачылі журналісты з розных краін. Беларусь, якая змянялася ад найцяжэйшага 2011 г. з яго наступствамі брутальных выбараў 2010 г., эканамічным крызісам, выбухам у мінскім метро. І да 2016 г. — года мяккай лібералізацыі і мяккай беларусізацыі.
Гэтая кніга — няпоўная калекцыя артыкулаў-пераможцаў штогадовага міжнароднага журналісцкага конкурсу «Беларусь у фокусе» 2011–2016 гг. Няпоўная — таму што было немагчыма ўключыць усе лепшыя матэрыялы. Мы выбралі 17 артыкулаў з 41, якія перамаглі за гэтыя 6 гадоў.
Што такое міжнародны журналісцкі конкурс «Беларусь у фокусе»?
«Беларусь у фокусе» — гэта конкурс для журналістаў, якія пішуць пра Беларусь для замежных аўдыторый. На працягу 6 гадоў свайго існавання конкурс атрымаў 341 артыкул ад болей чым 250 аўтараў з усяго свету — ад Нарвегіі да Нігерыі і ад Аргентыны да Узбекістану. Дасланыя працы ацэньвалі міжнародныя медыя-прафесіяналы з такіх выданняў як The Guardian (Вялікабрытанія), BBC (Вялікабрытанія), CNN (ЗША), Dziennik Gazeta Prawna (Польшча) і інш. У розныя гады чальцамі журы былі прафесар Дэйвід Марплс, журналіст Павел Шарамет, уладальнік «Эмі» Сімон Астроўскі і інш.
Конкурс «Беларусь у фокусе-2017» прыймае артыкулы пра Беларусь, апублікаваныя ў міжнародных СМІ ў 2017 годзе да 15-га сакавіка 2017. Падаць свой артыкул можна па спасылцы.
Якая мэта конкурсу «Беларусь у фокусе»?
Калі мы пачыналі конкурс у 2011 годзе, асноўнай мэтай было заахвоціць міжнародных журналістаў асвятляць падзеі ў Беларусі так, каб паказаць, што Беларусь гэта не толькі «апошняя дыктатура ў Еўропе». Зараз нашымі мэтамі з’яўляюцца падтрыманне ўвагі да сітуацыі ў Беларусі з боку прадстаўнікоў міжнародных СМІ і ўсталяванне партнёрскіх зносін паміж беларускімі і замежнымі журналістамі для стварэння больш якасных і больш разнастайных матэрыялаў пра Беларусь.
Для каго гэтая кніга?
Гэтая кніга прызначана полісімэйкерам, студэнтам і даследчыкам, экспертам і ўвогуле ўсім, хто зацікаўлены ў найноўшай гісторыі Беларусі і Усходняй Еўропы.
Беларускай аўдыторыі гэтая кніга дазволіць паглядзець на сваю краіну вачыма чытачоў міжнароднай прэсы, а таксама нагадае пра галоўныя падзеі, якія сфармавалі сітуацыю ў краіне ў 2010-я.
Каманда «Беларусь у фокусе»
Прадукаванне кнігі Беларусь: 6 гадоў у фокусе міжнародных журналістаў стала магчымае дзякуючы фінансавай падтрымцы Міжнароднага Вышаградскага Фонду.