Мінск, вул. Веры Харужай 3, офіс 601
+375 33 361 57 48
Стаць сябрам Меню Зарэзерваваць зал

10 назіранняў падчас стажыроўкі ў “Медузе”

Так атрымалася, што менавіта ў тыя дні, калі я знаёміўся з рэдакцыяй “Медузы” , яна ўсталявала асабісты рэкорд – 5 мільёнаў карыстальнікаў за месяц. Гэта онлайн-медыя стартавала ў кастрычніку 2014-га і з’яўляецца адным з найбольш дынамічных праектаў у сваёй галіне.

Што дазволіла “Медузе” хутка дамагчыся поспеху? Наўрад ці за тыдзень у Рызе я даведаўся пра ўсе сакрэты рэдакцыі, але некаторыя чыннікі навідавоку. 

1. Ідэя

Яна павінна быць дакладна і лаканічна сфармуляванай. “Медуза” зрабіла выбар на карысць журналістыкі факту, а не журналістыкі меркаванняў. “Мы пішам толькі пра тое, што па-сапраўднаму важна”, -- сказана на сайце выдання. І “Медуза” штодня пастаўляе рускамоўнай аўдыторыі найбольш значныя і цікавыя навіны. Натуральна, што на сайце прысутнічаюць таксама рэпартажы, расследванні, гульні ды іншыя фарматы. Але перадусім падзеі дня, пра якія чытачу распавядаюць у максімальна даступнай форме. 

2. Каманда

Сабраць “з нуля” кваліфікаваны журналісцкі калектыў надзвычай складана. Прафесіяналы ў абсалютнай большасці сваёй ужо заангажаваныя іншымі выданнямі. У гэтым сэнсе “Медузе” вельмі дапамаглі тыя, хто ўчыніў “контррэвалюцыю” ў “Ленте.Ру”, адхіліўшы ад пасады галоўнага рэдактара Галіну Цімчанка. Разам з ёй з той рэдакцыі сышлі дзясяткі журналістаў. Менавіта былыя супрацоўнікі “Ленты” стварылі касцяк “Медузы”, які быў кропкава ўмацаваны спецыялістамі з іншых СМІ. У выніку атрымалася адна з лепшых рэдакцый на постсавецкай прасторы.

3. Стартавыя інвестыцыі

Стварэнне якаснага кантэнту каштуе дорага. Канкурэнцыя у інтэрнэце надзвычай высокая, і таму, каб увайсці ў групу лідэраў, спачатку неабходна ўкласці ў праект сур’ёзныя сродкі.

Бюджэт “Медузы”, паводле галоўнага рэдактара Івана Калпакова, у 2015 годзе склаў 1,5 мільёны еўра. Гэта дазваляе рэдакцыі утрымліваць не толькі шэраг моцных журналістаў, але і ўласны аддзел распрацоўшчыкаў, арт-дырэктара, дызайнера ды іншых спецыялістаў, пра якіх беларускія незалежныя СМІ могуць толькі марыць. Аднак гэта не раскоша, а надзённая патрэба, калі вы жадаеце эфектыўна спаборнічаць за ўвагу карыстальніка Інтэрнэта, які мае абмежаваны час і безліч прапаноў самага рознага накірунку.

4. Галоўная старонка

Зараз стала модна сцвярджаць, што стартавая старонка онлайн-СМІ нібыта губляе сваю значнасць. Маўляў, усё большая частка карыстальнікаў прыходзіць на сайт праз пошукавікі або па спасылках з сацыяльных сетак.

“Медуза” па-ранейшаму надае свайму “твару” вялізную ўвагу, у прыватнасці, адмінка сайта дазваляе за лічаныя секунды перарабіць галоўную старонку пад патрэбы дня, акцэнтаваўшы ўвагу на найбольш актуальных рэчах. На думку рэдакцыі, гэта дазваляе сфармаваць і павялічваць сталую аўдыторыю сайта, якая наведвае яго рэгулярна, а не выпадкова трапіўшы на нейкі лінк.

У выніку колькасць наўпроставых заходаў на “Медузу” працягвае павялічвацца. Як, зрэшты, і агульная аўдыторыя выдання.

5. Аналітыка

Падчас свайго майстар-класу  ў “Прэс-клубе”  генеральны дырэктар “Медузы” Галіна Цімчанка адзначыла асабліва важную ролю, якую адыгрывае ў рэдакцыі аналітык. Сапраўды, сістэмнае вывучэнне статыстычных звестак дазваляе зрабіць працу СМІ значна больш эфектыўнай.

Аналітык “Медузы” рыхтуе штотыднёвыя і штомесячныя справаздачы, у якіх зважае, як змянялася наведвальнасць сайта па днях, якія публікацыі былі найбольш запатрабаваныя, і яшчэ на пару дзясяткаў істотных паказчыкаў. Дзякуючы гэтаму можна выявіць небяспечныя трэнды (напрыклад, змяншэнне колькасці пераходаў з той ці іншай сацсеткі) і прыняць меры неадкладнага рэагавання. Або, наадварот, звярнуць увагу на станоўчы досвед і развіваць яго. 

6. Смелыя эксперыменты

“Медуза” шмат эксперыментуе. Напрыклад, каб розніцца з іншымі выданнямі і прыцягнуць увагу чытачоў, праект стартаваў з незвычайным дызайнам. Карыстальнік трапляў на галоўную старонку, дзе выкарыстоўваліся белыя літары на чорным фоне. Потым ён мог “пераключыць” выгляд на стандартны – чорным па беламу – аднак да гэтай функцыі яшчэ трэба было дайсці.   
Калі ж стала ясна, што гэта занадта экстравагантна для масавай аўдыторыі, рэдакцыя рашуча адмовілася ад свайго ноў-хаў і пачала шукаць іншыя “разынкі”. Шмат хто ў падобнай сітуацыі не адрэагаваў бы так аператыўна, бо пераробка галоўнай старонкі – заўсёды складаны працэс, у тым ліку на ўзроўні прыняцця рашэння.

7. Спалучэнне сур’ёзнага і забаўляльнага

“Медуза” стварае для сваёй аўдыторыі магчымасць адпачыць ад грамадска-палітычных і эканамічных навін. Дзеля гэтага на сайце існуе раздзел “Шапіто”. І рэдакцыя не бачыць нічога дзіўнага ў тым, што побач з навіной пра выбары ў Расіі знаходзіцца заметка “Гульня прастолаў” пабіла рэкорд прэміі “Эммі”. 

Мяне асабліва ўсцешыў гэты падыход, бо ў Беларусі яго першым сярод анлайн-СМІ, яшчэ ў сярэдзіне нулявых, рэалізавала на практыцы менавіта “Салідарнасць”. Тады нам нямала дасталося ад кансерватараў і за свецкую хроніку, і за “прыгажуню дня”. Але час і досвед іншых пацвердзіў слушнасць таго рашэння.

8. Камандная гульня

На штодзённых нарадах “Медузы”, дзе падрабязна разбіраюцца ўчорашнія поспехі/недахопы і сённяшнія планы, прысутнічаюць усе супрацоўнікі рэдакцыі, у тым ліку тэхнічныя. Такое правіла заведзенае адмыслова, каб паяднаць розныя аддзелы ў агульнай справе.

“Калі празрыстасць парушаецца – рэдакцыя ламаецца”, -- адзначае Іван Калпакоў. Каб гэтага не здарылася, існуе шмат механізмаў, акрамя ўжо згаданага. У тым ліку пятнічныя пасядзелкі: пасля працы рэдакцыя набывае 10-12 бутэлек прасэкка і за келіхам абмяркоўвае розныя хвалюючыя тэмы. 

9. Рэдакцыя 40-

Ці не адзінае выключэнне – гэта Галіна Цімчанка. Але варта заўважыць, што яна перамясцілася з крэсла галоўнага рэдактара на пасаду генеральнага дырэктара і цяпер больш сканцэнтраваная на стратэгічных рэчах. У штодзённай цякучцы Цімчанка таксама адыгрывае значную ролю, але галоўнымі адказнымі за бягучую працу з’яўляюцца іншыя.

Большасць супрацоўнікаў рэдакцыі мае ўзрост каля 30 гадоў. І гэта не адмысловае патрабаванне, а механізм, які выпрацаваны эвалюцыйным шляхам. Людзі лічбавага пакалення лепш даюць рады новым тэхналогіям і інфармацыйным патокам,якія ўвесь час павялічваюцца і паскараюцца.

10. Размежаванне абавязкаў

Шмат у якіх беларускіх СМІ галоўны рэдактар адказвае за безліч накірункаў: і кантэнт, і стратэгія, і фінансы, і, умоўна кажучы, мыццё падлогі. Гэта часцей за ўсё вымушана, бо з прычыны беднасці нашых медыяў дэлегаваць жыццёва важныя функцыі папросту няма каму. Аднак гэта істотна тармозіць развіццё выданняў.

У “Медузе” галоўны рэдактар Іван Калпакоў адказвае за дзве рэчы: трафік (рост наведвальнасці) і рэпутацыю выдання. Бізнес-моманты – гэта епархія выдаўца Іллі Красільшчыка. А ў тыя моманты, калі інтарэсы гэтых топ-менэджараў канфлітуюць, ролю арбітра адыгрывае Галіна Цімчанка. 

***

Менавіта дзякуючы гэтым чыннікам “Медуза” апярэджвае ўласныя планы, складзеныя ўвосень 2014-га – і па колькасці наведвальнікаў, і па даходнай частцы. Негледзячы на ўсе рызыкі, уласцівыя незалежным грамадска-палітычным СМІ, “Медуза” мае добрыя шанцы развіваць поспех і далей.

Аўтар дзякуе “Прэс-клубу” за арганізацыю стажыроўкі.

Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар інтэрнэт-выдання "Салідарнасць"

Партнёры прэс-клуба